РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЕ ДОБРАЎПАРА́ДКАВАННЕ,

мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў адпачынку, павышэнні ўстойлівасці ландшафтаў да рэкрэацыйных нагрузак, удасканальванні эстэт. якасцей месцаў адпачынку. У залежнасці ад прызначэння рэкрэацыйных тэрыторый і іх наведвальнасці фарміруюцца ландшафты з розным узроўнем Р.д. (напр., на аснове прыроднага ляснога масіву могуць фарміравацца пашыраныя на Беларусі рэкрэацыйныя лясы, лесапаркі і загарадныя паркі). У рэкрэацыйных лясах захоўваецца прыродны характар асяроддзя і ствараецца мінім. ўзровень добраўпарадкавання (абсталяванне турысцкіх стаянак, сховішчаў ад непагадзі, месцаў для вогнішчаў і інш.). У лесапарках прарэджваецца дрэвастой, фарміруюцца выразныя пейзажныя перспектывы, пракладваюцца дарожкі і сцежкі (займаюць да 4% тэрыторыі), абсталёўваюцца пляцоўкі для адпачынку, спарт. заняткаў і г.д. У загарадных парках ствараецца больш высокі ўзровень Р.д.: высаджваюцца дэкар. расліны, паляпшаецца травяное покрыва, добраўпарадкоўваюцца берагі вадаёмаў; фарміруюцца пейзажныя карціны, сеткі дарог і сцежак (займаюць да 8% тэр.), выкарыстоўваюцца малыя арх. формы (альтанкі, кіёскі, фантаны, свяцільнікі і інш.). Разліковыя рэкрэацыйныя нагрузкі на 1 га тэр. рэкрэацыйнага лесу — 3—10 чал., лесапарку — 8—30, загараднага парку — 25—70 чал. Р.д. ажыццяўляецца на аснове спец. праекта, які забяспечвае цэласнасць арх.-планіровачнага і ландшафтнага вырашэння кампазіцыйнай задумы з улікам прыродаахоўных патрабаванняў.

Г.​А.​Патаеў.

т. 13, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)